На 4 лютага судом Жлобінскага раёна запланаваны разгляд крымінальнай справы датычна навучэнца Жлобінскага металургічнага каледжа Канстанціна Ціхамірава. Яго вінавацяць паводле артыкула 370 Крымінальнага кодэкса «Здзек з дзяржаўных сімвалаў», паведамляе «Гомельская вясна».

Канстанцін Ціхаміраў. Фота: сацсеткі
Паводле раскладу, судовае пасяджэнне адбудзецца не ў памяшканні суда, а на адрасе вул. Факанава, 1А ў Жлобіне. Менавіта на такім адрасе размешчаная навучальная ўстанова Філіял БНТУ «Жлобінскі дзяржаўны металургічны каледж», дзе, прынамсі, да апошняга часу навучаўся Канстанцін Ціхаміраў. Гэта кажа пра тое, што суд над падлеткам хочуць учыніць актам палітычнага застрашэння аднакурснікаў, сяброў ды іншых навучэнцаў каледжа.
Сутнасць абвінавачванняў дакладна невядомая, аднак Флагшток знайшоў допіс на Тг-каналах Жлобінскага раёну, у якім, верагодна, гаворыцца пра справу Ціхамірава, якую ўзбудзілі ў канцы лістапада мінулага году. Інфармацыю са спасылкай на Тг-канал Тэрыторыя супрацоўніцтва апублікавалі рэсурсы БМЗ і Жлобінскага райвыканкаму.
«Падлетак пракраўся па пажарнай вонкавай лесвіцы на дах будынка гіпермаркета, зняў дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і здзекаваўся з яго, змясціўшы ў смеццевы кантэйнер на прыпыначным пункце — цяпер распавядае праваахоўнікам, што нічога такога, проста вырашыў павысіць свой аўтарытэт перад сябрамі, так бы мовіць "на слабо"».
Паводде выстаўленых абвінавачванняў, хлопцу пагражае пакаранне ад штрафа да трох гадоў пазбаўлення волі. Разглядаць справу будзе суддзя Святлана Андрэева.
За год да затрымання, у канцы лістапада 2023 года, на сцэне актавай залы Жлобінскага металургічнага каледжа Канстанціна Ціхамірава разам з двума іншымі навучэнцамі ўрачыста віншавалі і ўзнагароджвалі лістамі падзякі ад мясцовай арганізацыі Таварыства выратавання на вадзе. Пра гераічны ўчынак падлеткаў, сярод якіх быў Ціхаміраў, тады пісала газета «СБ. Беларусь сегодня».

Узнагароджанне Канстанціна Ціхамірава і ягоных сяброў 23 лістапада 2023 года. Фота: ndsmi.by
Хлопцы вярталіся з заняткаў у каледжы і пачулі крык, які даносіўся ад аднаго з вадаёмаў. Аказалася, тануў пенсіянер, якога падлеткі змаглі выцягнуць з вадаёма і ўратавалі яму жыццё. Менавіта за гэта іх узнагародзілі. Цяпер жа аднаго з герояў будуць паказальна судзіць, відавочна, у той самай актавай зале.