Якой родную краіну ўбачылі беларусы пасля доўгага часу пражывання за мяжой? Як змяніліся настроі ў грамадстве, у сваякоў і сяброў, агульная атмасфера? Што найбольш уражвае і кідаецца ў вочы пасля прывыкання да жыцця на Захадзе?
Флагшток сабраў меркаванні людзей, якія на працягу апошніх месяцаў жывуць у краінах Еўразвязу, але гэтым летам прыязджалі дадому, у гарады Гомельскай вобласці, каб вырашыць свае пытанні. Адзначым, што гэта не палітычныя эмігранты (у адваротным выпадку іх затрымалі б пасля прыезду на радзіму), таму прыведзеныя думкі нельга лічыць прадузятымі.

Самае моцнае ўражанне — пралятаў нізка над горадам знішчальнік
Студэнтка Ірына (імя зменена) прыязджала з Польшчы да бацькоў:
«Некаторыя людзі рэальна вераць, што мы за мяжой галадаем, што ў Польшчы няма чаго есці, і бацькі перажываюць, што я галадаю [на гэта працуе дзяржпрапаганда]. Адна знаёмая спытала, навошта я прыехала ў Беларусь. Я жартам адказала, што за прадуктамі — маўляў, у Польшчы ж няма чаго есці. А яна і паверыла, ўспрыняла ўсур'ёз. Яшчэ бацькі баяцца распавядаць сябрам, што я з'ехала за мяжу. Таму што адна сяброўка ім ужо заявіла, што —здрадніца, асуджае...»
Ірына адзначыла, што на мяжы вельмі доўга праходзіць афармленне з беларускага боку:
«Пытанняў, куды і навошта, не было ні ў той бок, ні ў гэты. Але пры ўездзе ў РБ даглядаюць вельмі скурпулёзна. Чырвоныя калідоры забітыя. Дэклараваць трэба вельмі шмат чаго».
Самае моцнае для дзяўчыны ўражанне — гэта знішчальнік, які нізка пралятаў над горадам:
«А на вакзале было шмат вайскоўцаў. Гэта ўсё выклікае пачуццё трывогі».
«Яшчэ глыбей пайшоў раскол у грамадстве
Маладая маці Наталля (імя зменена) падзялілася сваім бачаннем таго, як змяніліся настроі ў грамадстве з моманту яе ад'езду за мяжу вясной:
«Па коле сваіх знаёмых, з якімі сустракалася пры апошнім прыездзе летам, магу сказаць, што ёсць людзі, якія разумеюць жах таго, што адбываецца, не падтрымліваюць вайну, з-за адсутнасці працы прымаюць рашэнне рэлацыравацца. Ёсць, якія ўсё разумеюць, не падтрымліваюць, але прынцыпова застаюцца ў краіне, дома. Ёсць тыя, якія спакойна ставяцца да таго, што адбываецца, падтрымліваюць палітыку Пуціна і кажуць, што мы не разумеем глыбінны сэнс таго, што адбываецца, а Пуцін усё робіць слушна. Адпаведна, забойствы грамадзянскіх, гвалт — гэта альбо фэйкі, альбо дзеянне самой Украіны. Ёсць і тыя, хто жыве "сваім жыццём" і імкнецца не ўнікаць у тое, што адбываецца (такіх меншасць, па маіх назіраннях). У сітуацыі вайны і таго, што адбываецца ва Украіне, некаторыя праціўнікі Лукашэнкі сталі больш лаяльна да яго ставіцца, бо ў нас вайны няма, дзякуй яму за гэта [яшчэ адзін напрамак работы дзяржпрапаганды]. А агульная атмасфера... Яшчэ глыбей пайшоў раскол у грамадстве. Раней ён быў толькі на тэме ўнутранай палітыкі, цяпер дадалася вайна і стаўленне да яе. Ну і плюс страх, вядома».

«Калі прадавачка абслугоўвае цябе з такім выглядам, быццам ты яе паўгадзіны абражаў — гэта прыгнятае»
Ужо даўно за мяжой працуе Аляксандр (імя зменена) і перыядычна прыязджае на радзіму наведаць родных:
«Я адчуваю да Беларусі цёплыя пачуцці, але з кожным разам усё цяжэй прыязджаць, проста не хочацца... Тут вельмі сумныя людзі, усё больш гэта заўважаю. Тут усё здаецца састарэлым, адным словам — застой. Адзінае, што мяне здзівіла ў Беларусі, гэта рэальна добры ўзровень паліклінік і лякарняў, зрабіць абследаванне нашмат лягчэй. Але на гэтым, асабіста для мяне, плюсы канчаюцца».
Аляксандр адзначае атмасферу панурасці, а таксама розныя бытавыя моманты, ад якіх даўно адвык, жывучы за мяжой:
«Калі прадавачка абслугоўвае цябе з такім выглядам, быццам ты яе паўгадзіны абражаў — гэта прыгнятае. У Беларусі адчуваецца страх да органаў улады. Я, калі ўжо па звычцы гляджу на міліцыянтаў — яны адказваюць такім забіваючым поглядам, што рэальна становіцца страшна, здаецца, што цяпер да цябе падыдуць і забяруць. У Еўропе я ўвесь час уважліва разглядаю паліцэйскіх, памежнікаў на мяжы — ніхто на мяне нават коса не зірнуў».
Мужчына кажа, што не раз чуў выказванні пра тое, як кепска жыць у Еўразвязе, але толькі ад людзей старэйшага ўзросту. А ў коле сваіх знаёмых, маладых людзей, наадварот часцей гучалі просьбы параіць, як выехаць за мяжу і ўладкавацца там на працу.