Клуб ананімных сілавікоў «Гомель против» — Флагшток устанавіў імя адміністратара таксічных гомельскіх паблікаў

| Палітыка | 4

Усяго адзін здымак незвычайнага воблачка дапамог Флагштоку устанавіць імя адміністратара таксічных ананімных гомельскіх паблікаў, якія распаўсюджваюць расейскую прапаганду і спрабуюць дэмаралізаваць апанентаў рэжыму. 




Распавядаем, як гэтыя групы праводзяць інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі супраць дэмакратычнай супольнасці і хто стаіць за іх адміністраваннем — вялікае расследаванне Флагштока.


«Гомель против» и «Без "Б" Беларусь»

У 2017 годзе ў расейскай сацыяльнай сетцы VK былі зарэгістраваныя дзве гомельскія групы: «Гомель против» і «bez-b.by».

Першай у сеціве з’явілася група «bez-b.by» — адпачатку яна была прывязаная да сайта з такой жа назвай. Сайт сёння не існуе.

Першыя допісы маглі стварыць уражанне, што гэтая група — звычайны паблік пра жыццё горада і гараджанаў, мясцовыя тусоўкі і дзяржаўныя святы. Але паміж нейтральнымі публікацыямі час ад часу з’яўляліся допісы палітычнага характару.



У 2021 годзе група спыніла дзейнасць у VK. Але адміністратары працягнулі актыўнасць у Тэлеграме праз канал з падобнай назвай («Без "Б" Беларусь») і аналагічным лагатыпам. 

Пасля самых буйных «тунеядскіх» пратэстаў у 2017 годзе ў VK з’явілася другая гомельская група «Гомель против», якая не хавала сваю палітычную накіраванасць.



Маніторынг гэтых груп паказвае, што яны адмініструюцца аднымі і тымі ж людзьмі, і былі створаныя для правядзення інфармацыяна-псіхалагічных аперацый супраць актывістаў, незалежных журналістаў, апазіцыйных дзеячаў і праваабаронцаў.

Аўтары груп манітораць сацыяльныя сеткі вядомых дзеячаў Гомеля і Гомельскай вобласці. На падставе сабранай інфармацыі публікуюць абразлівыя допісы. Некаторыя з іх суправаджаюцца пагрозамі ў бок актывістаў і журналістаў.

У групах публікаваліся прыватныя звесткі аб актывістах: аб месцы іх працы, сваяках, судзімасцях ды іншае.



У групах публікаваліся фотаздымкі апанентаў рэжыму, зробленыя супрацоўнікамі падчас знешняга прыхаванага назірання.



Фотаздымкі назірання за актывісткамі і экскурсіяй грамадскіх актывістаў 25 сакавіка 2018 года, прымеркаванай да 100 год БНР


На фота зафіксаваныя журналісты гомельскіх незалежных СМІ летам 2020 года


Пасля падзей 2020 года ў групах пачалі з’яўляцца фотаздымкі сілавікоў з кватэр актывістаў і журналістаў, знятыя падчас вобшукаў. Да некаторых допісаў пра журналістаў наўмысна былі прыкладзеныя фотаздымкі з чужых кватэр у мэтах стварэння непрывабнага вобразу апанентаў рэжыму.



Вобшукі ў кватэрах журналістаў і малавядомых людзей

Адміністратары груп у захапленні ад «рускага міра». Першапачаткова яны прыцягнулі ўвагу расследвальнікаў не з-за цкавання актывістаў і журналістаў, а з-за агрэсіўнага прарасейскага кантэнту.

Аўтары груп не саромяцца посціць карыкатуры і пошлыя карцінкі, прысвечаныя заходнім палітыкам і падзеям ва Украіне. Падтрымліваюць агрэсію Расеі супраць Украіны, папулярызуюць сімвалы расейскай агрэсіі ва Украіне — лацінскія літары V і Z, агітуюць за вайну, распаўсюджваюць крамлёўскія фэйкі.



Ананімныя сілавікі супраць апанентаў Лукашэнкі


Праз дзейнасць групы «Гомель против» можна прасачыць, як на практыцы працуе стратэгія спецслужбаў, задача якой — стварэнне ўмоваў для разладу ў колах апанентаў рэжыму.

Названыя групы ў VK былі створаныя пасля буйных «тунеядскіх» пратэстаў, якія прайшлі па ўсёй Беларусі. Аўтары груп часта пісалі пра найбольш вядомых ўдзельнікаў мітынгаў: блогераў Максіма Філіповіча, Арцёма Шапарава, Дзмітрыя Сабурава. А таксама пра блогера з набітай татуіроўкай на плячы з выявай герба «Пагоні» — Яўгена Катлярова. Усе гэтыя людзі нядоўгі час сябравалі і не хавалі, што сустракаюцца сем’ямі на прыродзе, падтрымліваюць адзін аднаго падчас рэпрэсій.

У групе часта распаўсюджвалася інфармацыя, што ў камандзе актывістаў ёсць агенты-даносчыкі. Але «стукачом» маглі назваць каго заўгодна.



Няўважлівы чытач мог падумаць, што ў апалу патрапіў нават Яўген Катляроў (зараз больш вядомы як гомельскі правакатар з мянушкай Какойта). Але пазней праз тую ж групу «Гомель против» стала зразумела, што ён усё ж на баку сілавікоў і працаваў на разлад апазіцыйных сілаў.



15 верасня 2019 года Яўген Катляроў правёў акцыю супраць апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Фотасправаздача з акцыі ў той жа дзень з’явілася ў групе «Гомель против».



Гомельскі правакатар Яўген Катляроў у эфіры СТВ

Урэшце рэшт у шэрагах актывістаў часоў тунеядскіх пратэстаў сапраўды адбыўся разлад — некаторыя блогеры пасварыліся, Філіповіч адасобіўся ад апазіцыі, а Яўген Катляроў наўпрост пачаў ладзіць правакацыі супраць «былых сяброў». Ці можна залічыць гэта ў поспех дзейнасці адміністратараў групы «Гомель против», цяжка сказаць.

Другая падобная гісторыя звязаная з вядомым гомельскім дзеячам Сяргеем Ціханоўскім. Сваю актыўнасць ён распачаў яшчэ перад парламенцкімі выбарамі ў 2019 годзе. У Ціханоўскага хутка з’явіліся прыхільнікі. Сярод іх вылучаўся гомельскі фермер Юрый Ганцэвіч, які па прыкладзе Ціханоўскага таксама стаў блогерам.


Гомельскі правакатар Юры Ганцэвіч


Напрыканцы 2019 года Ціханоўскі трапіў пад першыя рэпрэсіі сілавікоў. Блогер настолькі прасякнуўся даверам да Ганцэвіча, што нават нейкі час у пачатку 2020 года хаваўся ад сілавікоў у доме фермера ў Пакалюбічах. Аб гэтым факце ведаюць гомельскія незалежныя журналісты.

«У пачатку 2020 года Ціханоўскі выйшаў на свабоду пасля сутак у ІЧУ. Відэаблогер вырашыў правесці прэс-канферэнцыю, на якой хацеў падзяліцца інфармацыяй пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары. На сустрэчу прыйшлі журналісты праз асабістыя запрашэнні, месца да апошняга моманту трымалася ў таямніцы. Нягледзячы на гэта, недалёка ад дому Ганцэвіча дзяжурыла міліцэйская машына. Ганцэвіч толькі разводзіў рукамі і сцвярджаў, што не ўяўляе, адкуль міліцыянты маглі даведацца пра сустрэчу. 

Ужо тады нам падавалася, што Ганцэвіч няшчыры, бо мы чыталі яго каментары ў таксічным гомельскім пабліку, гэта было вельмі дзіўна, што ён там нешта піша», — на ўмовах ананімнасці распавядае адзін з удзельнікаў мерапрыемства.




Як змянялася роля Ганцэвіча ў стасунках з Ціханоўскім, можна прасачыць праз допісы групы «Гомель против».



Негатыўны вобраз Ганцэвіча ў групе «Гомель против»



Група публікуе некалькі негатыўных відэаводгукаў Яўгена Катлярова на Юрыя Ганцэвіча (на сёння відэа недасяжнае).



А вось з гэтага допісу групы вынікае, што Ганцэвіч у 2020 годзе не проста знаёмы з Яўгенам Катляровым, які неаднойчы абражаў фермера ў сваіх стрымах, а яшчэ і аб’яднаўся з ім супраць Сяргея Ціханоўскага.

Два вышэйапісаныя прыклады ўказваюць, што адна з самых істотных задач таксічных гомельскіх паблікаў — імітацыя інфармацыйнага ціску на правакатараў, якія могуць унесці раскол у каманды апанентаў рэжыму.


Хто адмініструе паблікі?

Для адміністравання груп у VK іх аўтары стварылі некалькі дзясяткаў ботаў — ананімных акаўнтаў з несапраўднымі ці абстрактнымі фотаздымкамі на аватарках. Гэтыя старонкі, як правіла, публікуюць смеццевы кантэнт: перапошчваюць розныя мемы, анекдоты, жарты, пошлыя карцінкі, расейскую прапаганду, яны часта ў захапленні ад Савецкага Саюза і «рускага міра». На такіх старонках вельмі мала прыватнай інфармацыі, таму ідэнтыфікаваць іх уладальнікаў вельмі складана.

Флагштоку атрымалася зачапіцца за даўняе фота на аватарцы аднаго з адміністратараў груп. Пад увагу патрапіў акаўнт з назвай «Сергей Байков».



На старонцы «Байкова» вельмі мала сапраўднай інфармацыі і фотаздымкаў.

Кідаецца ў вочы, што мужчына любіць чытаць «Петрыкаўскія навіны» — з больш чым тысячы падпісак першай у спісе фігуруе група петрыкаўскай «раёнкі». У 2018 годзе Байкоў публікуе фотаздымак петрыкаўскай чыгуначнай станцыі са словамі «Дарога дадому». А ў 2019 годзе распавядае аб чэргах у петрыкаўскім Еўраопце.



Самы каштоўны фотаздымак на старонцы быў апублікаваны яшчэ ў 2015 годзе ў якасці аватаркі Байкова. Праз аб’екты на фота атрымалася вельмі дакладна вызначыць кропку, з якой быў зроблены здымак. Гэта гомельская кватэра па адрасу вуліца Мележа д. 12, кв. **.





Праз дапамогу Кіберпартызанаў і праекта «Дзікае паляванне» Флагшток даведаўся, каму належыць кватэра.

Даведка кіберпартызанаў са злітых дзяржаўных базаў паведаміла наступнае: па вуліцы Мележа 12-** горада Гомеля з 2005 па 2020 год быў прапісаны Яўген Бажок 1981 года нараджэння. Яўген Бажок скончыў БелДут, працуе аператыўнікам ва ўпраўленні КДБ па Гомельскай вобласці (працаваў як мінімум да 2021 года). Яго родны горад — Петрыкаў.


Яўген Бажок на фотаздымку ў пашпарце


Аб тым, што Яўген Бажок праз акаўнт «Сергей Байков» адмініструе таксічныя гомельскія паблікі, указвае шэраг публікацый у групах і на прыватнай старонцы. Прывядзём толькі некалькі прыкладаў.

У 2017 годзе на старонцы групы «bez-b.by» былі апублікаваныя фотаздымкі з Любенскага мікрараёна Гомеля непадалёк ад месца прапіскі Бажка на вуліцы Мележа.



На фота вул. 60 год СССР — гэта ў некалькіх сотнях метраў ад месца пражывання Бажка

Са старонкі «Сергей Байков» даведваемся, што Яўген Бажок захапляецца рыбалкай. І любіць ён рыбачыць менавіта ў Петрыкаве на Прыпяці.


Падобныя краявіды Петрыкава і абставіны. Здымкі на старонцы «Байкова» і ў суполцы «bez-b.by» за розныя гады.



Падобныя аб’екты на здымках з публікацыі групы і акаўнта Байкова

У снежні 2017 года Байкоў стварае групу ў VK, якая дублюе назву даследуемай таксічнай групы «Гомель против». Але яна не атрымала развіцця.




Маніторынг групы «Гомель против» паказвае, што Бажок наўпрост публікаваў пасты ў групе ад імя акаўнта «Сергей Байков».



Флагшток папрасіў вядомага відэаблогера Андрэя Павука пазваніць Яўгену Бажку, каб наўпрост запытацца, ці з’яўляецца герой нашай публікацыі адміністратарам таксічнага пабліка. Андрэй Павук неаднойчы станавіўся аб’ектам цкавання з боку яе аўтараў.

Відэаблогер падрыхтаваўся, знайшоў інфармацыю пра петрыкаўскіх аднакласнікаў Бажка і прадставіўся знаёмым для яго імем.



Размова з Павуком

Бажок распавёў, што ўжо працуе ў Менску. Можна меркаваць, што ён атрымаў павышэнне па службе.

Андрэй Павук: «Я чуў, што ты "Гомель против" адмініструеш, нармальна так».

Яўген Бажок: «Ээээээ. Не. Ээээээ. Так, гэта не тэлефонныя размовы. Ерунда гэта ўсё, што ты зараз гаворыш».

У размове з Павуком Бажок занерваваўся, але не пацвердзіў сваёй датычнасці да групы. Размова скончылася тым, што Бажок паабяцаў быць «на сазвоне» з былым аднакласнікам. Але слухаўку больш не падняў.

Недзе праз гадзіну пасля званку Яўген Бажок выдаліў аватарку з свайго тг-акаўнта ці змяніў налады прыватнасці, схаваўшы выяву для тых, хто не ў яго кантактах. Такія дзеянні указваюць на тое, што гэта сапраўды яго акаўнт. Як Флагшток выявіў гэты акаўнт, мы распавядзем у наступнай пулікацыі.



Акаўнт Бажка да тэлефанавання і пасля


Такая ж аватарка калісьці была і на старонцы Бажка «Сергей Байков» у VK
(скрын расейскага сервіса, які акамулюе інфармацыю аб акаўнтах у гэтай сацыяльнай сетцы)


Што яшчэ вядома пра Яўгена Бажка?

У Яўгена ёсць яго ўласныя старонкі ў сацыяльных сетках. Але яны не насычаныя асабістай інфармацыяй. У сябрах шмат сваякоў з Петрыкава, а таксама акаўнты, якія відавочна належаць сілавікам.


Флагшток знайшоў былога аднакласніка Яўгена Бажка. Ён на ўмовах ананімнасці распавёў, што ўжо даўно ведае аб тым, што Бажок працуе ў КДБ.

«Недзе дзесяць год таму я яго проста выпадкова сустрэў на вуліцы. Я да яго сам падышоў, пачаў з ім размову, кшталту: як справы, чым займаешся. А ён мне адразу штосьці зусім пра іншае распытваць пачаў: хто там у Петрыкаве чым займаецца, мо якія фашысты ёсць, якія-небудзь групы. Я адразу зразумеў, што штосьці не так. Я яму сказаў, што мне з табой непрыемна размаўляць.

Як па школе памятаю, Яўген Бажок адукаваны чалавек, інтэлігентны, спакойны. Быў гатовы дапамагчы, калі трэба. Тое, што ён у такім гопніцкім стылі вядзе гэтыя паблікі, гэта хутчэй гульня з яго боку».


Па пашпартных фотаздымках Яўгена Бажка распазнаў адзін з былых супрацоўнікаў БелДУТа. На ўмовах ананімнасці ён паведаміў, што мужчына быў куратарам універсітэту ад КДБ.


«Гэты чалавек быў куратарам БелДУТа недзе з 2008 года, недзе да 2012, гады 3–4 гады ён быў куратарам.

Усе выкладчыкі ведалі, адкуль гэты чалавек прыйшоў. Пра яго казалі: вось куратар з органаў па нашаму ўніверсітэту, з ім трэба вырашаць розныя пытанні па дзейнасці ўніверсітэту. Але асабліва не выпячвалі яго функцыі. Але было зразумела, што з ім павінны былі вырашацца спецыфічныя пытанні, не абавязкова нейкія палітычныя — розныя, але якія былі важныя ў жыцці ўніверсітэту. Гэты чалавек камунікаваў непасрэдна з кіраўніцтвам універсітэту, з прарэктарамі, дэканамі, загадчыкамі кафедр і лабараторый, мог аб чымсьці запытваць канкрэтных выкладчыкаў.

Па гэтым мужчыне было бачна, што ён не дурны, хітры. Каб быў начытаны, то дакладна — не. Было бачна, што ён не гомельскі — трошкі праставаты. Але не глупы, можа ацэньваць тое, што адбываецца, разумець, з чым i з кім ён зараз мае справу. Сказаў бы, ён разумеў, што яго задача — абараняць "хрустальны сасуд", і за гэта ён атрымлівае сваю ўзнагароду — кар’ерны рост, фінансавы дабрабыт і г. д., таму асабістыя прыхільнасці і інтарэсы не выяўляў. Такі ідэальны халаднакроўны супрацоўнік КДБ, без нейкіх эмоцый.

Праца куратарам ва ўніверсітэце — гэта для супрацоўніка КДБ хутчэй за ўсё такая сярэдняя праца, адно з заданняў на бягучы момант, прыступка для нейкай больш ганаровай працы з большымі бонусамі ў далейшым. Таму, відаць, гэтыя куратары часта змяняліся.

Канешне, куратарства БелДУТа не было яго асноўнай працай, тут у яго не было свайго кабінета і сакратара, бо ва ўніверсітэце не было столькі праблем, каб ён там увесь час знаходзіўся ці часта прыходзіў».


Хто яшчэ дапамагае адміністратарам групы


Адміністратары груп з’яўляюцца вялікімі аматарамі сілавых структур. Магчыма, што сярод адміністратараў не толькі супрацоўнікі КДБ, але амапаўцы і міліцыянты.

Прынамсі, брудную працу з выездам на месца могуць выконваць і міліцыянты: сачыць за актывістамі і фатаграфаваць іх з-пад палы, хадзіць на палітычнаматываваныя суды і маніторыць абстаноўку.

12 снежня 2018 года ў Гомелі праходзіў суд над Максімам Філіповічам. Гэта была непапулярная справа, звязаная са сваркай Філіповіча ў краме з адным з яе наведвальнікам. На паседжанне прыйшло вельмі мала людзей.

Гомельскі актывіст на ўмовах ананімнасці распавядае пра той дзень:

«Я прыйшоў на суд, на якім са мной было літаральна тры чалавекі. Як толькі быў абвешчаны прысуд, я заўважыў, як адзін з прысутных мужчынаў пачаў пісаць нешта ў тэлефоне. І паралельна прыблізна ў гэты ж час у групе “Гомель против” з'явіўся допіс, што Філіповічу далі 14 сутак. Я тады наўмысна адсочваў, што там адбываецца.

Я запомніў гэтага мужчыну. І пасля я яго пазнаў на іншых судовых паседжаннях. Я папрасіў свайго знаёмага зняць яго незаўважна на фота».



Падазроным чалавекам, які прысутнічаў на тым судзе, а таксама прыходзіў на іншыя, аказаўся міліцыянт — старшы інспектар па асаблівых даручэннях Упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі (міліцыя грамадскай бяспекі)
Аляксандр Мельнікаў. Ідэнтыфікаваць яго па фота дапамаглі кіберпартызаны.



26 снежня 2018 года (суд Савецкага раёна), Мельнікаў прыцягнуў увагу, бо паспрабаваў прайсці ў суд без пашпарту



Аляксандр Мельнікаў у грамадзянскім адзенні падчас палітычнаматываванага суда ў Гомелі,
27 снежня 2019 года (суд Савецкага раёна)


На фота злева Аляксандр Мельнікаў падчас працы ў ДАІ

Аляксандр Мельнікаў прыйшоў у суд да блогера Сяргея Ціханоўскага 27 снежня 2019 года. Разам з ім быў яшчэ адзін мужчына. Заходзіць у залю суда мужчыны не наважыліся, бо да Ціханоўскага прыйшла вялікая група падтрымкі, шмат хто вёў стрымы.



У суд Савецкага раёна Гомеля заходзіць Аляксандр Мельнікаў, а за ім — Аляксандр Гапонаў (27 снежня 2019 года)


Аляксандр Гапонаў у судзе Савецкага раёна (27 снежня 2019 года)

Калегам Мельнікава, які чакаў у калідоры прысуд, аказаўся камандзір групы АМАП Гомельскага аблвыканкаму — Аляксандр Гапонаў. Ідэнтыфікаваць яго атрымалася, дзякуючы інструментам распазнавання фотаздымкаў ў сацыяльных сетках.




У наступным матэрыяле мы распавядзем, як адміністратары гомельскіх таксічных груп арганізоўвалі супрацоўнікаў дзяржаапарату для правядзення «ябацінгаў» у жніўні 2020 года і пераконвалі іх у папулярнасці Лукашэнкі дзякуючы інтэрнэт-ботам.




Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Belarus Beehive

Пакiнуць каментар

User Userovich

28.11.2023

Прыгожа! Малайцы!

БелДутавец

29.11.2023

Так он даже у гору вырас - в Минске подполковником служит говорят

Yuri

30.11.2023

Дзякуй за артыкул, сапраўдны маленькі дэтэктыў.

Хлопец

01.12.2023

Спасибо за информацию.