Мазырскія прапагандысты знялі сюжэт аб затрыманні працаўнікоў Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Словы ў падтрымку Украіны, знойдзеныя на тэлефоне аднаго з работнікаў, прапагандысты назвалі «нацысцкімі выказваннямі правага толку».
У сюжэце бачна, як сілавікі жорстка затрымліваюць працаўнікоў МНПЗ. Калі гэта адбылося, не паведамляецца. Афіцыйная падстава для затрымання — распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Далей у сюжэце паведамляецца, што ў аднаго з працаўнікоў на тэлефоне знайшлі відэа застолля, на якім простыя работнікі выказваюцца ў падтрымку Украіны:
— Слава Украіне! Беларусы за родную брацкую Украіну.
— Героям Слава! Слава Украіне!
Прапагандыстка за кадрам паведаміла, што гэтыя словы быццам бы нацысцкія. На відэа ў гэты момант была паказаная кінахроніка з беларускім нацыянальным сцягам. Таксама ў сюжэце ўказваецца на тое, што лозунг «Слава Украіне!» гучаў на Майдане ў 2013–2014 гадах ад украінскіх нацыяналістаў з Правага сектару.
Сюжэт працягваецца тым, што ў ім раптам з'яўляецца каментар гісторыка. Але ён ніякім чынам не пацвярджае тэзісы прапаганды і ніякім чынам не звязаны з тэмай сюжэту — мясцовая краязнаўца проста распавяла пра мазырскае гета часоў Другой сусветнай вайны.
Прапагандысцкі ролік сканчаецца пагрозамі крымінальнага пераследу ў дачыненні да працаўнікоў Мазырскага НПЗ:
«Дзеянні гэтых хлопцаў... яны могуць утрымліваць склад дзеяння крымінальнага пакарання, прадугледжанага як артыкулам 130 "Распальванне расавай міжнацыянальнай ці любой сацыяльнай розні" ці артыкулам 130.1 — гэта "Рэабілітацыя нацызму"», — дэкларуе намеснік начальніка Мазырскага раённага аддзелу Следчага камітэту Аляксандр Варабей.
Напрыканцы сюжэту паказана міліцэйскае відэа з працаўнікамі. Падобныя відэа, як правіла, здымаюцца сілавікамі пад прымусам і пагрозамі. У ім рабочыя тлумачаць, што падчас застолля 22 мая 2022 года хацелі падтрымаць Украіну і не задумваліся пра значэнне сказаных імі словаў.
Прапагандысты з тэлеканалу «Мозырь» вырашылі не пазначаць аўтараў сюжэту. Але па голасу можна апазнаць, што тэкст чытае рэдактар канала — Святлана Грудзько.
Святлана Грудзько (фота: ўласная старонка Грудзько Ўкантакце)