На Палессі русіфікуюць стэлу з назвай гораду, дзе большасць людзей лічыць роднай беларускую мову

| Навіны | 0

Дзяржпрадпрыемства «Жыткавіцкі камунальнік» абвясціла тэндэр на будаўніцтва новага ўязнога знака горада. Яго хочуць усталяваць на ўчастку паблізу прымыкання мясцовай аўтадарогі да трасы «Гомель — Кобрын». На гэта хочуць выдаткаваць 50 тысяч рублёў (звыш 15 тысяч даляраў).

Да дакументацыі дзяржзакупкі прымацаваны праект знака — на шэрай стэле размешчаны герб горада і надпіс па-руску: «Житковичи».


Праект новага знака


Цяпер на тым жа месцы стаіць арыгінальны ўязны знак з драўлянымі фігурамі, дэкаратыўнымі элементамі і назвай горада на беларускай мове. Адзначым, што Жыткавіцкі раён лічыцца адным з самых беларускамоўных у Гомельскай вобласці. Па выніках перапісу насельніцтва 2009 году амаль 83% жыхароў Жыткавіцкага раёну назвалі роднай беларускую мову.

   


Цяперашні знак


Абвешчаная дзяржзакупка прадугледжвае выбар арганізацыі для будаўніцтва «пад ключ». Пачатак выканання прац запланаваны ўжо на сакавік, а здаць аб'ект павінны ў чэрвені. У прыблізны кошт тэндэру ўключаны праектна-даследчыя работы і кошт будаўніча-мантажных прац. Пры гэтым амаль уся сума будзе выдзелена са сродкаў заказчыка — мясцовага камунальнага прадпрыемства.


Пакiнуць каментар