Паведамленне аб праблеме было апублікаванае сёння ў рэгіянальным чаце у Вайберы «Рагачоў. Народны кантроль». Па словах удзельніцы чату Кацярыны, вёска Барсукі на два тыдні аказалася адрэзанай ад цывілізацыі пасля снегападаў:
«Вёска Барсукі ўжо 14 дзён без аўталаўкі, кожны дзень абяцаюць пачысціць дарогу. Але ўсім напляваць на пенсіянераў, якія там жывуць, адгаворак шмат, але ўсё гэта падман... Адказ адзін — "Амкадор" не можа пачысціць».
Вёска рагачоўскага раёну пасля снегападаў (ілюстратыўнае фота з рэгіянальнага чату)
Жанчына таксама паведаміла, што ў вёсцы жыве яе бабуля, якой 87 гадоў:
«Яна заслужыла, каб да яе прыехала аўталаўка, каб яна купіла сабе малака і хлеба. Ці яны ўжо не людзі — ім есці і жыць не трэба. Гэта я не кажу пра хуткую дапамогу, якая ніколі туды не даедзе».
Мясцовыя службы пагадзіліся з існаваннем праблемы. Дарожнікі паабяцалі пачысціць дарогу да Барсукоў да канца дня. Прадстаўнік Гомельскага «Аблспажыўтаварыства» заявіў, што аўталаўка паедзе адразу пасля расчысткі дарогі.
Вёска Барсукі маланаселеная, але знаходзіцца на адлегласці ўсяго аднаго кіламетра ад рэгіянальнай трасы Р-43.