«Выйшла публікацыя: нібы талакоўцы п’янствавалі. І тады мы падумалі: “Ну ўсё, трэба далучацца!”» Гісторыя Талакі, якую ўлады хочуць ліквідаваць
| ГісторыяСёння стала вядома, што найстарэйшую грамадскую арганізацыю Беларусі — легендарную гомельскую Талаку — улады вырашылі закрыць. Суд аб ліквідацыі вядомага аб’яднання прызначаны на 15 верасня. Флагшток знайшоў успаміны сябраў арганізацыі, якія дзейнічалі ў часы адраджэння беларускай культуры напрыканцы 1980 – пачатку 1990 гадоў.
З распадам СССР у многіх краінах былога Саюза з’явілася вялікае жаданне развіваць сваю культуру і мову, вывучаць сваю гісторыю. Надыходзілі 90-я гады — перыяд вялікіх магчымасцяў, час, калі наша краіна атрымала незалежнасць. У канцы 1980-х – 1990-х гг. у Беларусі распачаўся вялікі рух за адраджэнне нацыянальнай спадчыны.
Удзельнікі дэманстрацыі ў Гомелі перад яе разгонам. 7 лістапада 1989 года
Рух Адраджэння ў Гомелі распачаўся з грамадскай арганізацыі «Талака», і зараджаўся ён на глебе зацікаўленасці маладых людзей краязнаўствам. У 1987 годзе талакоўцы і неабыякавыя гомельцы збіралі подпісы за захаванне вуліцы Пралетарскай, дзе размяшчалася гарадская забудова ХІХ – пачатку ХХ стст. Таксама збіралі подпісы супраць будоўлі, якая планавалася вакол кінатэатра імя Ісачанкі ў паркавай зоне. На гэтым месцы тады адбываліся раскопкі, у якіх удзельнічалі талакоўцы.
«Там былі Алесь Бяляцкі, Алег Чыжоў. Я пабачыў тады настолькі годных людзей. Яны ўяўляліся мне як шляхцюкі з карцінкі. І яны размаўлялі па-беларуску!»
Пазней талакоўцы ўдзельнічалі ў раскопках каля гомельскага палаца.
«Там ужо з’явіліся новыя людзі: Ігар Барташэвіч, Вольга Цярэшчанка, Уладзя Слабін, Зося Фейгіна. І Вольга Цярэшчанка пачала заклікаць далучацца да Талакі. Але мы пакуль не спяшаліся гэтага рабіць. І аднойчы ў нейкай газеце выйшла заведама паклёпніцкая публікацыя пра Талаку: нібы талакоўцы п’янствавалі, што ў нейкім Доме культуры пасля іх засталіся бутэлькі. Але ж мы ведалі іх ужо, ведалі, што гэта інтэлігентныя людзі. І тады мы падумалі: “Ну ўсё, дакладна трэба далучацца!” Пасля гэтай публікацыі стала зразумела, што справа правільная! Калі іх лаюць — значыць, трэба ісці. І мы прыйшлі ў Талаку ў 1988 годзе».
Паседжанне гомельскай Талакі ў бамбасховішчы. 9 лютага 1989 года
«Мы, канешне, былі ўражаныя талакасховішчам [талакасховішча — месца для збораў талакоўцаў, якое знаходзілася ў былым бамбасховішчы на вул. Першамайскай, д. 19 (зараз вул. Ірынінская)]. Гэта ні з чым не параўнаць! Вось вы заходзіце ў падвал, спускаецеся па крутых прыступках. Знізу на вас патыхае цвіллю, такім затхлым пахам, і такі цёплы струмень паветра зверху адчуваецца. І вы спускаецеся, грукочаце і бачыце вялізныя жалезныя дзверы з колам-ручкай. Заходзіце туды, прыгінаецеся, праходзіце тамбур, асветлены лямпай — дастаткова яркай, трохі асляпляе. І ў глыбіні ўсяго гэтага такая невялічкая зала з калонамі. У зале вісяць партрэты Еўдакіма Раманава, Максіма Багдановіча — такая прымітыўная выдавецкая прадукцыя канца 80-х, выбітыя трафарэты з бел-чырвона-белым сцягам.
На першай сустрэчы была нейкая грамада яўрэяў, яшчэ моладзь. Вось такая тусоўка моладзевая была. Спявалі там “Бедна басота”, калядныя песні. Усё там было так натуральна, вельмі спадабалася такая атмасфера.
У талакасховішчы была створана “зона беларускай мовы”. Зрабілі такую ўстаноўку: калі хто заходзіць, размаўляе выключна па-беларуску! Нават калі ў кагосьці не вельмі добра атрымліваецца — ніхто нікога не падколвае, ніхто не смяецца. І калі праз пень-калоду атрымліваецца — не страшна, галоўнае, каб чалавек імкнуўся гаварыць. І недзе праз месяц — два чалавек больш-менш пачынаў камунікаваць на беларускай мове».
Значнай грамадскай акцыяй Талакі ў 1989 годзе быў збор подпісаў за адкрыццё беларускамоўных класаў на Сяльмашы. Сабраныя подпісы талакоўцы перадалі ў газету «Літаратура і мастацтва», а адтуль іх накіравалі ў Міністэрства адукацыі. У выніку старшыню Талакі Алеся Яўсеенку выклікалі ў гаркам партыі і абвінавацілі ў распальванні міжнацыянальнай варожасці:
«Выклікалі ў гаркам партыі. Я стаю ў кабінеце і чую:
— Вы ж институт заканчиваете, вам надо семьёй заниматься, что вы ерундой занимаетесь? Не разжигайте страсти, не накаляйте атмосферу! И так сложная ситуация сейчас.
Я гавару:
— Дык у Канстытуцыі напісана, што мы беларусы, што ж тут такога, што людзі па-беларуску размаўляць будуць?”
Ён адказвае:
— У нас единая страна Советский Союз, единый язык, — ідэалогіяй пачаў ціснуць».
У 1988 г. па ініцыятыве Талакі ў Палацы моладзі на Сяльмашы адкрылася нядзельная школка для дашкалятаў, у якой дзеткі вывучалі беларускія традыцыі, народныя святы і абрады. Адкрывала школу Вальжына Цярэшчанка. Яе асноўнай мэтай было далучаць дзяцей да беларускай мовы і краязнаўства.
Вячоркі з Вальжынай Цярэшчанкай у дзіцячым садку, 1988 год
«Мы заварвалі з дзецьмі зёлкі, вывучалі іх і пілі гарбату. Танцавалі беларускія танцы, развучвалі беларускія абрады, але немагчыма было цалкам выканаць абрад ад пачатку да канца з дашкольнікамі, таму мы маглі толькі праспяваць песню, станчыць танец з нейкага абраду. А націск быў зроблены на абрадавыя дзеянні».
З 1990 па 1996 гг. шмат разнастайных культурніцкіх мерапрыемстваў па-ранейшаму ладзілі талакоўцы.
«Як казалі, Талака для Гомеля была з’явай. Як ні круці, у той час усе беларускія культурніцкія рэчы былі звязаныя з Талакой альбо іх рабілі выхадцы з Талакі. У любым выпадку талакоўскае культурніцкае поле стварала розныя праекты. У арганізацыі выпрацаваўся тады свой графік жыцця, прывязаны да каляндарна-абрадавага цыклу свят: Жаніцьба Цярэшкі, Каляды, Гуканне вясны, Купалле, Дзяды. Ладзіліся этнаграфічныя экспедыцыі па раёнах Гомельшчыны, тэатральныя пастаноўкі. Яшчэ пазней з’явілася батлейка, хадзілі па школах, па ўніверсітэтах і паказвалі. Быў вялікі досвед тэатральнай працы».
Першае святкаванне Дня Волі ў Гомелі. 25 сакавіка 1993 года
«Памятаю, мы разам з Талакой вельмі маштабна адзначылі ў кінатэатры Мір юбілей Еўдакіма Раманава на яго радзіме ў Навабеліцы. Мы хацелі гэта зрабіць разам з навабеліцкай бібліятэкай, за якую змагаліся. Зараз яна носіць імя Раманава. Праз Міністэрства мы спрабавалі прабіць гэтае імя. Было жаданне зрабіць маленькі музей у бібліятэцы, сабраць усе артэфакты, звязаныя з яго імем, рукапісы. Пад гэтае мерапрыемства гарвыканкам нам вылучыў невялічкія сродкі. Мы зрабілі расцяжкі.
Кур’ёз быў у тым, што, калі мы заклікалі ўсіх на Раманаўскае свята, двойчы прыязджаў АМАП, галоўны маёр выклікаў мяне і пытаў: “Што за манархічная сходка тут?” Нехта ўжо з пільных грамадзян набраў нумар, патэлефанаваў і паведаміў, што манархісты захапілі кінатэатр, зрабілі расцяжку. І мне потым даводзілася спачатку тэлебачанню распавядаць, хто такі Раманаў, а потым маёрам, бо настолькі быў невядомы тады Еўдакім Раманаў. А юбілей мы адсвяткавалі вельмі прыгожа, магутна, і гэта дало імпульс, і бібліятэка ўсё ж атрымала імя Раманава».
— Успаміны Генадзя Аляксейчанкі — былога намесніка старшыні Камісіі па Культуры і Гістарычнай спадчыне пры гарсавеце
«Беларускі рэнесанс у Гомелі», 2014 год
Флагшток