Фільмы, якія могуць вас уразіць. Як замежныя дакументалісты вывучалі на Гомельшчыне наступствы Чарнобыльскай катастрофы

| Гісторыя | 0

26 красавіка споўнілася 37 год з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Наступствам чарнобыльскай трагедыі было прысвечана шмат розных фільмаў. Прадстаўляем чатыры фільмы замежных кінарэжысёраў, якія могуць вас уразіць. Усе гэтыя стужкі былі знятыя на Гомельшчыне.

У 2004 годзе залатую статуэтку «Оскар» за фільм «Сэрца Чарнобыля» атрымала амерыканская прадзюсерка і кінарэжысёрка Марыян ДэЛеа. Стужка была паказаная буйной амерыканскай сеткай тэлебачання HBO.



На фота гераіня фільма Эдзі Роўч, кіраўнік ірландскай дабрачыннай арганізацыі «Міжнародны праект "Дзеці Чарнобыля"». Скрын з фільма «Сэрца Чарнобыля»

Фільм прысвечаны рабоце лекараў у рамках міжнароднага праекта «Дзеці Чарнобыля». Лекары змагаюцца з анамаліямі ў развіцці дзяцей, выкліканымі радыяцыйным забруджваннем. Адной з такіх анамалій з'яўляецца дэфект міжжалудачкавай перагародкі сэрца, якому лекары далі назву «чарнобыльскае сэрца».

Мы не раім глядзець гэты фільм уражлівым людзям. Калі сёння некаторыя лічбы, названыя ў стужцы, крытыкі могуць падвяргаць сумневам, то вось натуралістычныя здымкі зняпраўдзіць немагчыма. Яны дэманструюць самыя розныя анамаліі развіцця дзяцей, народжаных у раёнах, пацярпелых ад радыяцыі. Сітуацыю з захворваннямі замежнай здымачнай групе каментуюць беларускія лекары. Сёння ўявіць такую свабоду выказванняў у дзяржаўнай установе немагчыма. Нагадаем, фільм здымаўся ў пачатку 2000-х, калі рэжым яшчэ толькі закручваў гайкі.

Падобныя кадры наступстваў аварыі вы маглі ніколі і не бачыць. Але вялікая частка фільма была знятая ў нашым горадзе: у доме дзіцяці ў Гомелі, у радзільні пры Гомельскім абласным шпіталі, у Гомельскім дзіцячым шпіталі. У фільме ёсць здымкі з адной з палескіх вёсак, а таксама з вёскі Барталамееўка Веткаўскага раёна.

Паглядзець фільм можна тут.




Рэкламны постэр паказу трылогіі Сэйіці Матахашы ў 2021 годзе

Японскі кінарэжысёр Сэйіці Матахашы зняў дакументальную трылогію, прысвечаную паўсядзённаму побыту жыхароў забруджаных беларускіх вёсак. Першы фільм «Вёска Надзеі» выйшаў у 1997 годзе. Фільм расказвае пра жыццё дзяўчынкі Надзі, якая родам з адселенай беларускай вёскі. У 1998 годзе фільм атрымаў прэмію Японскага агенцтва па справах культуры як найлепшы дакументальны фільм.

У 2002 годзе выйшаў дакументальны фільм «Аляксей і крыніца», які распавядае пра жыццё адселенай вёскі Будзішча Чачэрскага раёна. Большасць з 600 жыхароў пакінула вёску пасля чарнобыльскай аварыі. Засталося толькі 55 пажылых людзей і адзін малады чалавек, ад чыйго імя і вядзецца апавяданне.

У вёсцы Будзішча знаходзіцца крыніца, якую называюць святой. Нягледзячы на радыяцыйнае забруджванне, вада ў крыніцы працягвае заставацца зусім чыстай, сцвярджаюць у фільме жыхары вёскі. Крыніца робіць настолькі моцнае ўражанне, што адзін з японцаў нават завяшчаў, каб тут быў развеяны яго прах, што пасля было выканана яго нашчадкамі.

У 2002 годзе фільм стаў лаўрэатам чытацкай прэміі Berliner Zeitung і ўладальнікам прыза Міжнароднага кінаклуба 52-га Берлінскага міжнароднага кінафестывалю дакументальных фільмаў. 

У 2021 годзе Сэйіці Матахашы зноў вярнуўся да чарнобыльскай тэмы і зняў яшчэ адзін фільм, прысвечаны вёсцы Будзішча. Час няўмольны, пажылых жыхароў у вёсцы не засталося. Таму галоўны герой папярэдняга фільма змушаны пераехаць у горад, але разам з камандай японскага рэжысёра ізноў наведвае сваю былую вёску. Сэйіці Матахашы назваў трэцюю частку дакументальнай трылогіі «Куды мне ісці».


Сёння ў сеціве можна пабачыць толькі трэйлеры трох гэтых фільмаў. Але стужку «Аляксей і крыніца» можна знайсці праз былых жыхароў вёскі Будзішча, якія захоўваюць яе на старых касетах.

У самой жа вёсцы Будзішча засталося ўсяго некалькі жылых хат. Крыніца шануецца вяскоўцамі і ў нашыя дні.

Пакинуць каментар