Гомельскія краязнаўцы з супольнасці «Пошукі старога Гомеля» апублікавалі ўнікальныя ўспаміны апошняй гаспадыні Паляўнічага доміка пра прыход бальшавікоў у горад напрыканцы 1918 – пачатку 1919 гадоў. Тады пад пагрозай страты жыцця некаторым гомельцам прыйшлося пакінуць родны край.
Гарадскі асабняк, у якім сёння знаходзіцца Музей гісторыі Гомеля, перад рэвалюцыяй належыў сям’і Лісоўскіх. З ёй паходзіла Ірэна Галынская. Жанчына была замужам за Юзафам Галынскім. З ім мела адзінага сына Стэфана, які нарадзіўся ў 1915 годзе.

Ірэна Галынская (з Лісоўскіх) — апошняя гаспадыня Паляўнічага доміка ў Гомелі
Ірэна Галынская пакінула пасля сябе ўспаміны пра сваё дарэвалюцыйнае жыццё, якое правяла на Гомельшчыне. Зараз яны знаходзяцца ў польскіх архівах.
Лёс Ірэны быў трагічны. З-за прыходу бальшавікоў у 1919 годзе яна з сям’ёй з’ехала з Гомеля ў Брэст. Пазней яе чакала яшчэ адна эміграцыя. Сын Стэфан загінуў падчас Варшаўскага паўстання ў 1944 годзе.
Краязнаўцы апублікавалі тую частку ўспамінаў, дзе Ірэна ўзгадвае выезд з Гомеля напрыканцы 1918 – пачатку 1919 года. Гэта час, калі з Гомеля адступілі немцы, час стварэння Гомельскай дырэкторыі — органа рэгіянальнай улады ў межах Украінскай Народнай Рэспублікі, а таксама час заняцця горада чырвонай арміяй.
Ірэна апісвае, як мясцовым жыхарам, застрашаных бальшавікамі, прыйшлося тэрмінова з’язджаць з Гомеля. Халоднай ноччу шэраг гомельцаў падрыхтавалі коней, сані і перасеклі Сож па ільду, каб патрапіць у Навабеліцу. Усю дарогу іх пераследавалі бальшавікі, якія на сваім шляху палілі вёскі і забівалі ўсіх, хто мог дапамагаць «панам». Шлях уцекачоў ляжаў у Чарнігаў. Ужо каля горада іх сустрэлі ўкраінскія гайдамакі, з якімі прыйшлося вяртацца назад у Гомель.
Краязнаўцы апублікавалі скарочаную частку аповеду. Яна перакладзеная з польскай мовы.

Былая гаспадыня Паляўнічага доміка ў Гомелі Ірэна Галынская (з Лісоўскіх) трымае свае ўспаміны «Вяртанне»
18 снежня 1918 года, набліжаўся вечар: цёмны, снежны. Віхор выў у галінках высокіх таполяў перад домам і ў дратах электрычных правадоў. Завіруха шалела, засыпаючы снегам двары і вулачкі парку. Тэрмометр паказваў -11°.
У нашым двары рух станавіўся ўсё большы. У абсалютнай цішыні былі асядланыя коні, падрыхтаваныя сані і вупраж. Не было штодзённага звыклага шуму, усе чагосьці спяшаліся. Заходзілі дадому, зноў выходзілі. З далі даходзілі гукі страляніны і нейкія крыкі. У паветры адчуваўся непакой, жах і страх.
Так прайшоў доўгі зімовы вечар, сярод людзей усё больш і больш было заўважна напружанне. Паміж стайнямі і домам прабягалі нейкія маладыя хлопцы ў вясковых плашчах і бекешах. У вокнах гарэла прыглушанае святло. Нейкія цені мільгалі на фіранках. У сталовым пакоі куранты прабілі 00:30. На падворку пачалі рыхтавацца конныя вершнікі, а напрыканцы было некалькі двухконных саняў. Апошняе развітанне перад ад’ездам застылых паненак. Развітанне без слёз, з каменнымі тварамі. У начной цішы раздзіраў гук званоў. Білі набат усе цэрквы — раз два тры і паўза, зноўку тры апавяшчэнні і хвіліна цішыні. У горадзе крыкі яшчэ мацнейшыя: “Лавіць, не выпускаць”.
Паход рушыў. Першы ехаў Юрэк Лісоўскі, паручнік гвардыі грэнадзёраў, апошні афіцэр Доўбара, на гіганцкай сівой клячы Лятцы (?). Юзё Галынскі з сотні хлебаробаў, на рыжым жэрабю Чынгіс-Хане, Каролек Фашч на чорным… і некалькі іншых на прыгожых расавых конях з эскадрону ротмістра Пісоўскага… ехалі дужыя жаўнеры ад Доўбара, хлопцы з сотні гетманскіх, малодшыя афіцэры з сотні афіцэрскай. Пару месяцаў пазней бальшавікі іх забілі, малая частка ацалела і перажыла 1919 год, каб потым загінуць у часы Другой сусветнай вайны.
У канцы ехала на вялікіх санях каля цяжкага станковага кулямёту Максім. За мной ехаў Казё Дзерналовіч, а Стась Гардзялкоўскі … Пачалі мы заязджаць з высокага берагу ракі Сож на лёд. Тут стаяла маленькая цэркаўка старавераў. Два бальшавікі білі ў званы, дзёргая шнуры. Нашыя жаўнеры паганяюць коней больш шыбка выязджаць на лёд, псы афіцэраў бягуць за намі. Званы б’юць яшчэ мацней, шум, крыкі і стральба яшчэ бліжэй. Відаць, што натоўпы бальшавікоў набліжаюцца да ракі. Мы едзем напрыканцы, лёд напружваецца пад падкаванымі конскімі нагамі — з трэскам ламаецца пад нашымі коньмі, якія ўпадаюць да вады і цягнуць сані. Дзірка робіцца ўсё большай, сані не тонуць, а плывуць па верху. Мы на іх седзячы, адчуваем ледзяную ваду, але ад эмоцый і ўражання нам горача. Наша конніца ўжо на другім беразе. Пабачыўшы нас утапаючых, два афіцэры ад Врангеля з трохкаляровай павязкай на рукавах, сыны нашага папа Валодзя і Коля Зубарвавы, кідаюцца да вады і падносяць сані. Гардзялкоўскі паганяе коней пугай, якія прыткім выселкам выцягваюць нас. Зубаравы бегам даганяюць свой аддзел. Мы таксама галопам за імі і шчасліва выязджаем на другі бераг у баку Навабеліцы. Уз’яднаўшыся з эскадронам, шыбкай рыссю аддаляемся ад ракі. Званы ў Гомелі надалей б’юць ва ўсіх цэрквах, але недысцыплінаваныя бальшавікі не маюць намеру ўлазіць да зімовай ракі і адступаюць.

Музей гісторыі Гомеля перад рэвалюцыяй належыў сям’і Лісоўскіх (фота: wikipedia.org, Andrei Suslov)
Добрай шашой Гомель – Чарнігаў спяшаемся наперад. На 15 кіламетры сустракаем аддзел бальшавікоў, пачалася страляніна. У выніку чатыры з таго боку забітыя, мы ўцякаем далей.
На 6-ую раніцы даязджаем да вялікай шляхецкай вёскі Клімавічы. Усе жыхары Клімавічаў — таксама Клімовічы, цалкам збяднелыя і праваслаўныя, таму цалкам за бальшавікоў. Нашая частка заехала да заможнага Клімовіча, які меў ва ўласнасці фальварачак. Падрыхтаваў нам шмат бульбы, гарбаты няма. Елі мы гарачую бульбу нават несалёную… (Прапушчана). Да цёмнага вечара. Зноўку елі такую самую бульбу і з’ехалі.
Язда вельмі цяжкая. Коні змерзлі, стаяць ва двары, кепска ідуць. Людзі кепска выспаліся, стомленыя, галодныя, трасуцца ад холаду. Едзем усю ноч…
На дзень затрымаліся ў прыдарожнай карчме ў лесе. Адзіны пакойчык гаспадар дому аддае архірэем, якія ехалі з намі (гомельскі прэсвяшчэны Мітрафан і магілёўскі Канстанцін), той апошні сівы, велічны стары, вельмі ветлівы і сімпатычны. Мітрафан падобны на цыгана, чорны, пануры і драбнейшы. Едуць на пары белых коней у шырокіх найлепшых санях. У падобных санях едзе мой бацька [Аляксандр Лісоўскі] з Алекам Солтанам.
Надышла цёмная марозная ноч. Паўночны вецер замёў шашу і кідае нас у глыбы снегу. Мы зноўку апынуліся ў карчме. «Галынскі і Дзерналовіч, змяніць варту, хутчэй». Абодва спахапіліся і хапаюць ля дзвярэй карабіны, выйшлі ва двор.
Карчма ўтапала ў снезе. Завея заснежыла кароны дрэваў, коні стаялі скрытыя пад шынэлямі са спушчанымі ілбамі... Два вартаўнічых у башлыках сядзелі ў санях абапіраючыся на карабіны. За імі выйшла і я. Ішлі мы шашой справа ад лесу, утапая ў снезе па калена. Завея абляпіла твары снегам, які таяў за каўнярамі і замярзаў на твары. Было ветрана, халодна, цёмна і безнадзейна. Недзе далёка стралялі кулямёты і палілася вёска, а дакладней, нейкі двор.
Вялікі месяц асвятляў верхавіны лесу. Дайшлі да лесу і ступілі на масток. Двое жаўнераў нашай сотні… падыйшлі з радасцю, аддалі ўзаемныя гонары і паролі, пайшлі да карчмы. Засталіся мы на месцы… У лесе нешта трашчала, здавалася што хтосьці ідзе. Хлопцы сціскалі карабіны, пазірая ў цемру. А там сухі стрэл, адзін, другі, куля свіснула каля нас. Штосьці бліснула сярод дрэваў. Юзё прыцэліўся і два разы стрэліў у тым кірунку. Шэлест сціх, нейкая птушка залепятала сярод дрэваў, хтосьці пабег і зноўку цішыня ў лесе.
Мушу прызнаць, што былі мы ўсе ўражаныя, чакаючы нападу. У баку карчмы засвяціліся агеньчыкі папяросаў. Аж у цемры выглянула пару ценяў, сярод іх наш камандзір ратмістр Рабцэвіч. «Караўльныя, што такое?», патлумачылі, некалькі хвілінаў усе стаялі, разглядая ўсё. Прыйшла цішыня, спакой. Афіцэры адышлі, страляніна не паўтарылася. Мінула 2 гадзіны і прыйшла змена, а мы вярнуліся да карчмы.
