Краязнаўцы знайшлі невядомую інфармацыю пра таямнічы прывід у вёсцы Грабаўка Гомельскага раёна

| Гісторыя

Краязнаўцы з супольнасці Пошукі старога Гомеля з'ездзілі ў вёску Грабаўка Гомельская раёну, якая вядомая містычнай зʼявай — у мясцовай школе быццам бы неаднойчы бачылі прывід паненкі Ядвігі. Аказалася, што пра незвычайныя здарэнні ў гэтай мясцовасці пісалі сведкі яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя. Публікуем вынікі пошукаў краязнаўцаў, якія яны размесцілі ў сваіх пабліках.



Грабаўская школа




Як у Грабаўцы рабавалі панскія пахаванні

У 2014 годзе выканкам Гомельскага р-а запрасіў у нас даведку пра сям'ю Фашчаў, якім належала Грабаўка. Мы выправіліся ў вёску для збору інфармацыі.

Мясцовыя настаўніцы адразу ж нам распавялі, што ў іх школе неаднойчы бачылі прывід паненкі Ядвігі. Гэтая легенда не вылучаецца арыгінальнасцю — пра гэта распавядзем пазней. У той дзень нас уразіла іншая гісторыя.

У 1960-х г. камуніст Павел Мартынаў вырашыў у суседняй вёсцы Баштан усталяваць помнік Леніну. Але ў Гомелі яму выдалі бюст Маякоўскага, без пастамента. Тады камуніст вырашыў прывезці з Грабаўкі гранітныя надмагіллі з сямейных пахаванняў Фашчаў. З іх ён і зрабіў нязграбны пастамент для пралетарскага паэта.



Бюст Маякоўскага у вёсцы Баштан на пастаменце з надмагільных плітаў Фашчаў


«Песняры маладыя прыязджалі на адкрыццё помніку, песні спявалі. Тут такое гулянне было», — узгадваў у 2016 годзе мясцовы жыхар Сяргей Башлакоў. — А самі паны гэтыя не былі кепскімі. Ніякімі тыранамі яны не былі. Каб кроў пілі, такога не было».


Гэты жахлівы помнік стаіць у Баштане да сёння. Тыя надмагіллі, што не спатрэбіліся для пастамента, засталіся на могілках у Баштане. Надпіс на адной з пліт сведчыць, што яна стаяла раней на магіле Атона Фашча.




Згодна аповедам мясцовых жыхароў, могілкі Фашчоў ускрываліся марадзёрамі з 1920-х гадоў.

Жыхар Грабаўкі распавёў, што патрапіў у адзін з склепаў у 1960-х гадах.

«Мы ў школу ішлі бульбу капаць. Глядзім, а тут адкрыта. Я спусціўся, там труна цынкавая. Я ручкі адламаў, бо думаў, што яны залатыя. А яны ў жоўты былі пафарбаваныя. Труна была адкрытая, пальмавы высахлы ліст ляжаў. І боты чорныя такія, але бачна, што чырвоныя былі. З сагнутымі насамі, скураныя».

Напрыканцы 1990-х настаўнікі зноўку заўважылі, што нехта ўскрыў склеп. «Дзеці пачалі прыносіць у школу косткі, сапог, потым нешта падобнае на лыжку, нешта як прыклад ад пісталета».



Надмагільныя пліты Фашчаў у грабаўскім парку


Аб тым, што могілкі Фашчаў сапраўды былі цікавымі, сведчаць успаміны Ірэны Галынскай (апошняя гаспадыня Паляўнічага доміку ў Гомелі, з суседняга маёнтку Пракопаўка). Яна аж два разы прыгадвае пра іх у сваім аповедзе пра Грабаўку, які напісала ў эміграцыі.

На могілках былі пахаваныя Фашчы і Багдановічы. Самым высокім быў помнік Атона Фашча (відаць, яго частка сёння знаходзіцца ў Баштане). Помнік упрыгожваў крыж з цярновым вянком з бронзы. Каля могілак размяшчалася каталіцкая каплічка Фашчаў. У ёй знаходзіўся дубовы алтар з шанаваным у гэтых краях абразом Маці Божай Вострабрамскай.


Паначка Ядвіга і грабаўскі прывід


Род Фашчаў пражываў на тэрыторыі Гомельшчыны з 16 стагоддзя. Іх галоўнымі маёнткамі напрыканцы 19 – пачатку 20 стст. былі Грабаўка, Насовічы і Улукаўе.

У 2014 годзе мы апыталі мясцовых жыхароў Грабаўкі пра Фашчаў. І яны распавялі шмат цікавай інфармацыі. Прыблізна такія ж гісторыі пра Фашчоў зафіксавала Ірэна Галынская (з Лісоўскіх) у сваіх успамінах пра Грабаўку. 

Ядвіга Фашч была старэйшай дачкой Фелікса і Сафіі Фашчаў. Яна стала апошняй уладальніцай Грабаўкі. Як прыгадвалі грабаўцы, Ядвіга ад нараджэння кульгала. Гэта часткова праўда. Ядвіга мела няшчасны выпадак падчас коннай язды, пасля якога стала кульгаць. Але і пасля гэтага выпадку працягвала язду на сваім любімым кані Джой.

Таксама грабаўцы распавядалі, што Ядвіга Фашч лячыла мясцовых сялянаў: «Ці то шаптухай якой была, ці то мела нейкі дар, але штосьці такое было, людзі хадзілі да яе». І сапраўды, пра тое ж піша Ірэна Галынская: «Цанілі і любілі яе (Ядвігу) сяляне. Лячыла сялянаў з мясцовых вёсак, якія натоўпамі заязджалі да яе».



Ядвіга Фашч


Шмат мясцовых жыхароў распавялі нам пра розныя містычныя з’явы, з якімі сутыкаліся ў Грабаўцы. Яны перакананыя, што адзін з грабаўскіх прывідаў — гэта Ядвіга Фашч. Быццам бы яе душа не супакоілася, бо яна перажыла няшчаснае каханне. Але нічога падобнага Ірэна Галынская не прыгадвае пра Ядвігу.

Адна з настаўніц мясцовай грабаўскай школы распавяла нам, што аднойчы ўначы сустрэла прывід Ядвігі ў калідоры школы: «Яна была ў белым, перамяшчалася па калідоры з нечым падобным на ліхтарык, як быццам бы правярала дзяцей, якіх паклала спаць».

Ядвіга Фашч не мела дзяцей. Але нядаўна мы даведаліся, што ў Грабаўцы яна арганізавала прытулак для дзяцей бежанцаў, якія патрывалі падчас Першай сусветнай вайны.





Грабаўскі прывід. Пелагея Галынская

Ці сапраўды ў Грабаўцы ёсць прывіды? У сваіх успамінах Ірэна Галынская таксама прыгадала пра незвычайны выпадак:

«Калі я была 10-гадовай дзяўчынкай, ночыла ў Грабаўцы… Каля этажэркі стаяла сталая пані і перастаўляла бутэлькі з лекамі, нягледзячы на мяне, выйшла. Заснула. Калі ранкам запыталася ў няні, хто гэта быў, яна адказала: "То старшая пані Галынская, яе лекі там стаяць. Яна часам сюды прыходзіць і аглядае". Бабка Пелагея Галынская, маці Золі, памерла некалькі гадоў таму, была вельмі прыгожая».




На фота Пелагея Галынская, уладальніца маёнткаў у Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні. З вялікай верагоднасцю, гэта менавіта тая жанчына, пра якую прыгадвае Ірэна Галынская. Пелагея была бабуляй Ядвігі Фашч


Грабаўка была спаленая ў 1919 годзе бальшавікамі. Лёс Ядвігі Фашч і іншых прадстаўнікоў сям’і невядомыя. Вялікі архіў роду (больш за 7 тысяч дакументаў) сёння знаходзіцца ў Варшаве.

Яўген Торлін — архітэктар стараабрадзец, які зрабіў Гомель падобным да Кіева

| Гісторыя

Гомельскія краязнаўцы з супольнасці Пошукі старога Гомеля апублікавалі новыя звесткі з гісторыі архітэктуры горада. Гісторыкі лічаць, што гомельскі архітэктар Яўген Торлін перанёс у Гомель горадабудаўнічую моду сталічнага Кіева. Падрабязнасці ў матэрыяле краязнаўцаў.

Пропагандисты обвинили в геноциде «практически современный Евросоюз» и не заметили, как рассказали о преступлениях российских радикальных националистов

| Гісторыя | 0

Белорусские силовики искали виновных в геноциде беларусского народа во время Второй мировой войны и вышли на РОА. Флагшток рассказывает детали расследования, показанные на Гомельском региональном телеканале.