Краязнаўцы знайшлі двайнік гомельскага дома з эркерам у Кіеве

| Гісторыя

Краязнаўцы супольнасці Пошукі старога Гомеля зрабілі новае адкрыццё — яны знайшлі інфармацыю пра адзін з самых прыгожых і багатых дамоў, які калісьці размяшчаўся на сённяшнім праспекце Леніна ў Гомелі. 



Від на «Дом з эркерам» падчас нацысцкай акупацыі 



Від на «Дом з эркерам» пасля вызвалення Гомеля (на заднім плане)



«Дом з эркерам» на авіяздымку вясны 1941 года 


Аказалася, што гомельскі дом меў брата-блізнюка ў Кіеве: з такім жа дэкорам, эркерам і купалам над ім. Але ж трэба заўважыць, гомельскі варыянт больш заможны: вокнаў болей, фрыз вышэйшы, а замест бакавых тэрас, будынак меў дадатковыя памяшканні.



Сядзіба на вуліцы Вялікая Жытомірская ў цэнтры Кіева

Пра дом на вул. Замкавай краязнаўцы даведаліся дзякуючы знойдзенай зямельнай справе. Вядома, што з'явіўся ён да 1899 году і належаў заможнаму гамяльчаніну — купцу Ашэру Любіну.

Пра кіеўскага сабрата вядома нашмат болей. Згодна мясцовым краязнаўцам, дом быў пабудаваны на вуліцы Вялікай Жытомірскай у 1893 годзе кіеўскім архітэктарам Іпалітам Нікалаевым для галоснага Кіеўскай гарадской думы Савы Месняева.

Па дзіўнаму супадзенню абставін наступным гаспадаром кіеўскага дома ў 1896 годзе стаў Канстанцін Іваноў, дзейнасць якога была звязана з Гомельшчынай — ён быў гандлёвым прадстаўніком Добрушскай папяровай фабрыкі ў Кіеве.

Ці мае дачыненне зʼяўленне гомельскага дома з эркерам да гандляра паперай, задаюцца пытаннем краязнаўцы. Пакуль такой сувязі яны не знайшлі.

Ці мог працаваць кіеўскі архітэктар у Гомелі? Выглядае, што мог. Супадзенне асобных элементаў цаглянага дэкору і агульнай кампазіцыі падказваюць, што архітэктар Нікалаеў мог выкарыстаць для Гомеля перапрацаваны кіеўскі праект (ці наадварот).




Гомельскі дом з эркерам быў знесены ў пасляваенны час дзеля стварэння новага праспекта. Кіеўскаму сабрату пашчасціла болей — дом захаваўся да сёння.

Фільмы, якія могуць вас уразіць. Як замежныя дакументалісты вывучалі на Гомельшчыне наступствы Чарнобыльскай катастрофы

| Гісторыя | 0

26 красавіка споўнілася 37 год з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Наступствам чарнобыльскай трагедыі было прысвечана шмат розных фільмаў. Прадстаўляем чатыры фільмы замежных кінарэжысёраў, якія могуць вас уразіць. Усе гэтыя стужкі былі знятыя на Гомельшчыне.