Гомель — горад, які ва ўяўленні многіх гараджанаў мала асацыюецца з гісторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. Ва ўмовах небяспечнай эпідэміі каронавіруса “Гомельскі флагшток” распрацаваў анлайн-экскурсію па мясцінах БНР.
Чыгуначны вакзал

Цяперашні будынак вакзала паўстаў у 1946 годзе на месцы старога Лібаўскага вакзала. У канцы 1917 — у 1918 годзе гэты пункт наўрад ці маглі абмінуць высокапастаўленыя прадстаўнікі БНР, якія ехалі у новаабвешчаную УНР вырашаць пытанні міждзяржаўнай супрацы. Беларускія дыпламаты для пошуку фінансаў часта ездзілі маршрутам з Менску ў Кіеў праз Гомель. Імаверна, гомельскі чыгуначны вакзал не маглі абмінуць прэм’ер БНР Раман Скірмунт, прадстаўнік дыпмісіі БНР у Кіеве Мітрафан Доўнар-Запольскі. Можна сабе лёгка ўявіць, як гэтыя дзяржаўныя дзеячы з вокнаў вагонаў у 1918 годзе глядзелі на гомельскія краявіды.
Ваколіцы Чыгуначнага вакзала
У сакавіку 1918 года Гомель быў акупаваны войскамі кайзераўскай Нямеччыны і перададзены новапаўсталай украінскай дзяржаве. І гэта пры тым, што, паводле перапісу 1897 года, каля 70% мясцовых адносілі сябе да беларускага народу. У ліпені 1918 года адбываецца маштабны страйк гомельскіх чыгуначнікаў, сярод арганізатараў якога — камісар БНР Язэп Няцецкі. Акупацыйным уладам такая самадзейнасць чалавека з мандатам ад БНР, вядома, не спадабалася. Мітынг 4 тысяч чыгуначнікаў быў разагнаны, а Язэп Няцецкі арыштаваны і дастаўлены пад канвоем у Берасце.
Гомельская гарадская дума

У былым будынку Гомельскай гарадской думы (цяпер памяшканні фабрыкі “Палесдрук”) была сфармаваная прадстаўнічая дэлегацыя ад мясцовага самакіравання. Гэтая група вырушыла на Усебеларускі з’езд у 1917 годзе ў Менск. Гомельскіх дэлегатаў узначальваў сацыял-дэмакрат Язэп Бабарыкін. У выніку правядзення Кангрэсу 1917 году была абраная Рада, якая і абвясціла незалежнасць БНР 25 сакавіка 1918 года.
Месца нараджэння Палуты Бадуновай

У ваколіцах цяперашняй вуліцы Дзімітрава, названай у гонар балгарскага камуніста, да рэвалюцыі 1917 года знаходзіўся раён прыватнай забудовы. У адной з сядзібаў, размешчаных непадалёку ад цяперашніх Дзімітраўскіх лазняў, нарадзілася будучая міністарка сацыяльнай апекі БНР Палута Бадунова. Подпіс гэтай жанчыны стаіць пад трыма Устаўнымі граматамі абвяшчэння незалежнасці. Палута Бадунова была адной з кіраўнічак беларускіх эсэраў, грамадскай дзяячкай і пісьменніцай. 29 лістапада 1938 году гамяльчанку Палуту Бадунову расстралялі карнікі НКВД. Дагэтуль гарадскія гомельскія ўлады не ўшанавалі Палуту Бадунову ані назвай вуліцы, ані мемарыяльным знакам.
Крыж ахвярам сталінскіх рэпрэсій на 9-м км Чарнігаўскай шашы

Мала хто ведае, што ў Гомелі ў 1930-я гг. жыў і працаваў беларускі вайсковы і нацыянальны дзеяч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну 1920 года Марк Асвяцімскі. У лістападзе 1920 году яго абралі ў склад Беларускай Рады Случчыны. Марк Асвяцімскі ўзначальваў вербункавы пункт Беларускай Вайсковай Камісіі ў Слуцку па набору добраахвотнікаў у беларускае нацыянальнае войска. Пасля паразы паўстання неаднаразова арыштоўваўся “чрезвычайкой”, пазней адышоў ад палітычнай дзейнасці. У 1930-я гады працаваў эканамістам Гомельскага тлушчкамбінату. Арыштаваны НКВД 11 лютага 1938 г., на вырак «тройкi» расстраляны 10 лiстапада 1938 г. Верагодна, месцам расстрэлу Марка Асвяцімскага з’яўляецца прыгарад Гомеля, так званы Шчакатоўскі лес.
Флагшток