Амаль як сто гадоў таму. Працяг віртуальнай прагулкі па зруйнаванай вуліцы Мільённай

| Гісторыя

Флагшток сумесна з ініцыятывай Пошукі старога Гомеля працягвае прагулку па вуліцы Мільённай, якая сёння завецца Білецкага. На выявах будынкі, якія былі рэканструяваныя ці знесеныя на працягу 20 стагоддзя. 

Усе абъекты, якія прадстаўленыя ніжэй, перажылі Другую сусветную вайну, але былі знесеныя ў канцы 1970-х — абы нішто не замінала глядзець на будынак Абласнога камітэта Камуністычнай партыі. Пашанцавала толькі аднаму. 



Паштоўкі з набору «Гомель», выдавецтва «Беларусь», 1985 год


«Рускі тракцір»

Па гэтым аб’екце можам вылучыць 5 цікавых фактаў. Гэты будынак з шэрагу трох найстарэйшых у Гомелі: ён быў узведзены Джонам Кларкам у 1822 годзе дзеля надання паслугаў харчавання і часовага пражывання.

Першапачаткова будынак выглядаў па-іншаму. Па чарцяжах 1844 года вокны другога паверху не мелі ніякага дэкору, а па цэнтры было шырокае арачнае акно. Пазней арачнае акно знікла, а вокны другога паверху атрымалі дэкор. Пасля Другой сусветнай над домам з’явіўся франтон.

Дзеля цытадэлі камуністычнай партыі на вуліцы Ланге (Абласны камітэт КПБ), гарадскія кіраўнікі ў 1970-х гадах прыгаварылі да зносу будынак тракціра разам з іншай забудовай вуліцы, якая месцілася бліжэй да «Паляўнічага доміка».

Будынак адстаялі гісторыкі. Яны давялі да чыноўнікаў, што знос твора англійскага архітэктара можа пацягнуць міжнародны скандал. У выніку «тракцір» быў уратаваны, а шырачэзная алея ад абкома была завужаная.



Меркаваны выгляд будынку былога тракціру ў пачатку 20 стагоддзя


Чарцёж таго ж будынку ў пачатку 1844 году



Вуліца Мільённая напачатку 20 стагоддзя


Сядзіба Шэвелева

Наступны дом (а дакладней гарадскі асабняк) належыў купцу Мендзелю Шевелеву. Гэта аднапавярховы дом з інтэграванай уязной брамай. Будынак быў аздоблены архітэктурнымі дэталямі — на ім ёсць і карынфскія калоны, і франтончык з ляпнінай, металічныя дэталі былі аздобленыя дэкаратыўнай кованкай. Гэты дом з'явіўся напачатку 20 стагоддзя (бліжэй да 1910 года). Яго архітэктурная прапрацоўка падказвае, што праектаваў яго прафесійны архітэктар

У сядзібе было 6 пакояў, сярод якіх ванна і клазет (прыбіральня), парадны і чорны ўваходы.

Будынкі перажылі Другую сусветную і былі знесеныя ў канцы 1970-х гадоў дзеля пабудовы абкама — кіраўніцтва не захацела мірыцца з рэшткамі старой забудовы перад маштабным комплексам кампартыі.



Сядзіба Шэвелева (3D візуалізацыя)


Чарцёж фасада сядзібы Шэвелева пачатку 20 стагоддзя


Дом Мар'ямава

Наступны дом — сядзіба гомельскага мешчаніна Меера Мар'ямава. Гэта каменны дом у «паўтары паверхі» пабудаваны ў 1882 годзе. У той час у Гомелі прыйшла мода на цагляную архітэктуру — дамы не тынкаваліся, а іх дэкор (пілястры, паяскі, карнізы ды аздабленне вокнаў) цалкам ствараўся з цаглінак. Праз дзесяцігоддзе гэты стыль максімальна расквітнее, а яго найлепшымі прыкладамі стане шэраг трохпавярховых прыбытковых дамоў на вуліцы Румянцаўскай.

Будыніна мела квадратны план, лесвіца была запраектавана ў драўлянай галерэі звонку. А ў самім доме было тры кватэры, якія гаспадар планаваў здаваць у доўгатэрміновую арэнду.

Пазней, ужо напачатку 20 стагоддзя, гаспадаром дома стаў Мендзель Шэвелеў — гаспадар суседняй сядзібы з брамай.


Дом Мар'ямава (3D візуалізацыя)



Чарцёж фасада дома Мар'ямава пачатку 20 стагоддзя



Перспектыва вуліцы мільённай (3D візуалізацыя)


Сядзіба доктара Чарненкі

Наступнае домаўладанне — сядзіба надворнага саветніка, доктара медыцыны Рамана Фёдаравіча Чарненкі. Пабудаваў дом доктар недзе напрыканцы 19 стагоддзя ці ў самым пачатку 20.

Просты эклектычны фасад быў аздоблены традыцыйным драўляным ганкам, а ўезд у двор перакрывала вялікая брама, вырашаная ў традыцыйным для нашага горада дызайне.

Гэты дом меў ажно сем пакояў, у сад выходзіла тэраса. Пад домам быў падвал, а ў садзе ляднік (пограб для захоўвання лёду і прадуктаў).


Дом доктара Чарненкі (3D візуалізацыя)



Чарцёж фасада і ўязной брамы дома доктара Чарненкі пачатку 20 стагоддзя


Дом ганаровага грамадзяніна Харашунова

І апошні дом на гэтым баку вуліцы Мільённай. Гэта жыллё патомнага ганаровага грамадзяніна Канстанціна Харашунова. Ён меў дваранскае паходжанне і займаўся лекарскай справай. Да прыдбання сядзібы ў 1898 годзе ён жыў у Ветцы.

Будынак гэты даволі стары — ён быў узведзены ў 1877 годзе. Тры невялікія арачныя вокны мелі складаныя пераплёты з гатычнымі матывамі, дах з боку вуліцы перакрываў вялікі паўкруглы атык — такія архітэктурныя элементы вельмі любілі выкарыстоўваць дойліды ў Гомелі да прыходу эпохі цаглянай эклектыкі.

План сядзібы доктара ўяўляў сабою вузкі (на тры вакны), але даўгі дом (прыкладна 7х28 метраў), які ўключаў дзве жылыя паловы і прыбудаваны амбар.



Дом Канстанціна Харашунова (3D візуалізацыя)


Пасля зносу разнастайных дамоў 19–20 стагоддзяў архітэктурны выгляд вуліцы Білецкага моцна пацярпеў. Цяпер замест будынкаў зялёная зона, а сама вуліца пераўтварылася ў паркінг  


Ранейшыя прагулкі па вуліцы Мільённай і гісторыі ўладальнікаў сядзіб мы публікавалі раней.








Працяг будзе.


Сяргей Ляпін,
Пошукі старога Гомеля

Гумарыстычныя ўлёткі, хіп-хоп фестываль і абсурдныя перформансы. Чым запомніліся Гомельскія моладзевыя рухі 90-х – пачатку 2000-х

| Гісторыя | 1

Чым займаліся Гомельскія моладзевыя рухі 1990-х, распавялі ютуб-каналу 1142X іх стваральнікі і кіраўнікі «Гарт» і «Лімон» Аляксандр Карніенка і Сяргей Адзінец.