«А што, вы хацелі ангельскія літары ці што?» На гомельскім вакзале знялі інфармацыйныя шыльды з надпісамі па-беларуску і па-ангельску

| Горад | 0

На чыгуначным вакзале Гомеля знялі інфармацыйныя шыльды, якія ўтрымлівалі надпісы на беларускай і ангельскай мовах. Пра пачатак дэмантажу шыльдаў стала вядома ад чытачоў Флагштока 5 снежня.

Высветлілася, што шыльды знялі, каб прыбраць з іх надпісы па-ангельску і дадаць пераклад з беларускай на расійскую мову.


Помнік Леніну на гомельскім вакзале і надпіс па-беларуску і па-ангельску на шыльдзе. Фота: Google Maps


Ад імя пасажыра Флагшток патэлефанаваў у адміністрацыю вакзала станцыі «Гомель» і запытаў, чаму знялі шыльды.

«Паздымалі, бо іх будуць рабіць — будуць прыбіраць ангельскую мову і дадаваць расійскую. Гэта вырашае кіраўніцтва чыгункі. Памяняюць і павесяць назад», — адказала дзяжурная памочніца начальніка вакзала.

На пытанне, навошта прыбіраць ангельскую мову, бо Беларусь жа цывілізаваная краіна, таму ангельская мова запатрабаваная турыстамі, супрацоўніца здзівілася:

«А што, вы хацелі ангельскія літары ці што? Цывілізаваная краіна? Не ведаю, хто так вырашыў».




Надпісы па-беларуску і па-ангельску на шыльдзе. Фота: Google Maps


Адзначым, што са сцен вакзала прыбралі не толькі тыя шыльды, якія ўтрымлівалі надпісы і па-беларуску, і па-ангельску, але і тыя, на якіх была толькі беларуская мова. Гэта значыць, што на тыя шыльды таксама дададуць надпісы па-расійску.


Надпісы па-беларуску і па-ангельску на шыльдзе. Фота: Google Maps


Нагадаем, дзеючыя ўлады змагаюцца і з беларускай лацінкай у геаграфічных назвах на шыльдах і дарожных знаках. Скасаванне беларускай транслітарацыі адбылося пад ціскам прарасейскіх актывістаў.




Пакiнуць каментар